Расписание в Минске
Описание
16 мая наш музей ператворыцца ў самае атмасфернае, натхняльнае, жывое і энергетычна насычанае месца – сапраўднае скрыжаванне кніжных сусветаў! У гэтую ноч перад гасцямі адкрыецца «Літаратурны партал» – прастора, у якой кожны зможа адчуць сябе героем уласнай гісторыі, дакрануцца да магіі слова і адкрыць новыя старонкі беларускай літаратуры.
Толькі на адзін вечар кожная музейная зала ператворыцца ў асобны літаратурны іншасвет – са сваімі героямі, гісторыямі і адкрыццямі, дзе галоўным правадніком стане КНІГА. Яна павядзе вас праз казкі і мемуары, паэзію і рамантыку, таямніцы і прыгоды.
У праграме:
- адкрыццё выставы мастацкіх работ Алеся Родзіна;
- лекцыя «Жыццё жанчыны ў творах ХІХ ст.» ад Ганны Кісліцынай і Ірыны Багдановіч;
- прэзентацыя кнігі Кацярыны Гліністай «Калыханка для Мінска»;
- магічны спектакль фокусніка Віктара Андруховіча;
- музычны выступ дуэта «Дабранач».
Лакацыі партнёраў:
- фэшн-партал брэнда адзення INSHY – мода, якая размаўляе па-беларуску;
- б’юці-партал з рэтра-вобразамі ад салона прыгажосці «Фабрыка мрояў».
А таксама вас чакаюць творчыя сустрэчы, літаратурныя гульні, інтэрактывы, квэсты, майстар-класы, дзе можна будзе не толькі назіраць, але і стаць часткай вялікай кніжнай гісторыі.
Асаблівым цэнтрам прыцягнення стане Літаратурны аўкцыён, дзе галоўным скарбам будуць беларускія кнігі. Але каб атрымаць іх, спатрэбіцца незвычайная валюта – літалеры! Іх можна будзе зарабіць, актыўна падарожнічаючы па «Літаратурным партале», выконваючы заданні, прымаючы ўдзел у гульнях і творчых актыўнасцях. Вядоўца аўкцыёна – паэт-вандроўнік Максім Гаўрыс.
Яркага і пульсуючага ззяння дадасць вечару жывое гучанне квартэта Avant-garde.
Квіткі: 20 р. – дарослы, 15 р. – дзіцячы (дзецям да 3 гадоў – бясплатна).
Даведкі: +375 17 363 56 21.
«Літаратурны партал» чакае ўсіх, хто гатовы да падарожжа ў свет слова і фантазіі!

