<link rel="stylesheet" href="https://fonts.googleapis.com/css2?family=Rubik:wght@400;500&display=swap&subset=cyrillic">

Расписание

Купить билет
Купить билет
Описание

Лірык, рамантык, аптыміст, Юрый Семяняка верыў, што «музыка — шчыры голас сэрца», і ўсёй сваёй творчасцю пацвярджаў гэта. Ён паспеў стварыць больш за трыста песень, чатыры оперы, пяць аперэт, музыку да кіно і драматычных спектакляў, сімфанічныя, вакальныя і інструментальныя творы. Але галоўнае — глыбіня і шчырасць, якой поўніцца яго музыка. Ю. Семяняка быў не толькі кампазітарам, але і грамадскім дзеячам: з 1973 па 1980 год узначальваў Саюз кампазітараў Беларусі, натхняў маладых творцаў, развіваў самадзейнасць.
У цэнтры творчасці Юрыя Уладзіміравіча была Беларусь − пушчанская і азёрная − яе людзі, яе паэты. У яго мелодыях — шум лясоў, водбліск рэчак, самота М. Багдановіча, глыбіня Я. Купалы, народнасць Я. Коласа.
Асаблівае месца ў спадчыне Юрыя Семянякі займаў оперны жанр: «Калючая ружа», пастаўленая ў Дзяржаўным тэатры оперы і балета Беларусі ў 1960 годзе, стала першай беларускай операй на сучасную тэматыку − студэнцтва, каханне, надзеі і расчараванні моладзі. У 1968 годзе адбылася прэм’ера оперы «Калі ападае лісце» — спроба злучыць лірычную драму з камедыяй. У 1970 годзе на сцэне Вялікага тэатра Беларусі загучала «Зорка Венера» — опера-паэма, прысвечаная Максіму Багдановічу, сінтэз оперы і кантаты, дзе лірычнае пераплятаецца з эпічным. А ў 1982 годзе была пастаўлена «Новая зямля» — знакавы твор па паэме Якуба Коласа, насычаны масавымі харавымі сцэнамі і ансамблямі. Атрымалася ўдалая спроба перадаць душу народа, яго боль, надзею і любоў да зямлі, якая не здрадзіць. У інтэрв’ю карэспандэнту газеты «Вячэрні Мінск» напярэдадні прэм’еры Ю. Семяняка адзначаў: «...паэма Якуба Коласа шматмерная, аб'ёмная. Але тым не менш у оперы я стараўся перадаць усе асноўныя сюжэтныя лініі. Узяты характэрныя эпізоды, якія найбольш поўна раскрываюць станаўленне герояў. У паэме «Новая зямля» шырока прадстаўлена народная тэма. У оперы гэта тэма выявілася перш за ўсё ў шырокім выкарыстанні народных песень, у маёй музыцы, якую я стараўся наблізіць да народнага меласу. Апець людзей, іх улюбёнасць у родную зямлю, іх жаданні і мару ўбачыць зямлю абноўленай і імкнуўся я ў сваёй музыцы».
Акрамя опер, Юрый Семяняка плённа працаваў у жанры музычнай камедыі і аперэты. «Рабінавыя каралі», «Пяе “Жаваранак”» «Паўлінка», «Тыдзень вечнага кахання», «Сцяпан — вялікі пан» — гэтыя творы прынеслі кампазітару народную любоў.
Аднак сапраўдная слава і ўсенароднае прызнанне прыйшлі да кампазітара менавіта праз яго песенную творчасць. Ю. Семяняка тонка адчуваў паэтычнае слова, падбіраў тэксты з вялікай любоўю. Яго песні — гэта споведзь сэрца, напоўненыя цеплынёй, лірызмам і душэўнай прастатой. Асаблівыя дасягненні кампазітара звязаны з увасабленнем тэмы Радзімы. Не менш важнае месца ў творчасці Юрыя Семянякі займалі песні пра дружбу і каханне — «Ты мне вясною прыснілася», «Не за вочы чорныя», «Чараўніца», «Явар і каліна». У іх — пяшчота, шчырасць, чалавечая цеплыня. Кампазітар умеў перадаваць прыгажосць пачуццяў праз музыку, якая і сёння гаворыць з сэрцам слухача. Менавіта гэтыя песні, а таксама фрагменты з опер прагучаць 25 лістапада 2025 года ў Вялікім тэатры Беларусі падчас канцэрта беларускай музыкі «Ты мне вясною прыснілася». Музыка кампазітара будзе пераплятацца з народнымі матывамі, інструментальнымі нумарамі і творамі іншых беларускіх аўтараў.
У канцэрце прымуць удзел: інструментальнае трыа «Глорыя» ў складзе лаўрэатаў міжнародных конкурсаў Надзеі Сенькевіч (скрыпка), Наталлі Мурзіной (флейта), Кацярыны Акавіцкай (віяланчэль); салісты оперы лаўрэаты міжнародных конкурсаў Дар’я Гаражанка, Алена Золава, Вольга Маліноўская, Андрэй Мацюшонак; лаўрэат міжнародных конкурсаў Анастасія Дубоўская (фартэпіяна); рэжысёр — Наталля Кузьмянкова; вядучая — Вольга Кажгаліева.

ОтзывыОценить
Вы можете оставить первый отзыв
Рекомендуем