Цімкавіцкія вытокі – 2024 в городе Минск
8 чэрвеня 2024 года ў в.Цімкавічы Капыльскага раёна, на радзіме пісьменніка Кузьмы Чорнага, пройдзе трэцяе па ліку літаратурна-музычнае свята “Цімкавіцкія вытокі”.
Свята ладзіцца Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры сумесна з Капыльскім раённым выканаўчым камітэтам і Саюзам пісьменнікаў Беларусі, пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
У праграме – вялікая канцэртная праграма, экскурсіі па музеі і традыцыйнае чаяванне “Каля самавара Кузьмы Чорнага”, сустрэчы з пісьменнікамі, гульні, майстар-класы, разыгранкі, мноства інтэрактыўных пляцовак і фотазон.
Хэдлайнер фестывалю – вакальная група “Чысты Голас”.
Падрабязная праграма з’явіцца неўзабаве.
Запрашаем усіх аматараў літаратуры, музыкі ды падарожжаў у Цімкавічы разам з намі! Вы пабываеце ў вёсцы са старадаўняй гісторыяй, пазнаёміцеся з музеем яго знакамітага жыхара Кузьмы Чорнага, цудоўна правядзеце час на свежым паветры, за гарбатай ды вершамі, спевамі ды танцамі. І ўсё гэта – у прыязнай, творчай, гасціннай атмасферы, у кампаніі вясёлых цімкаўлян.
Музей арганізуе транспарт на мерапрыемства па маршруце Мінск-Цімкавічы-Мінск. Адпраўленне 8 чэрвеня 2024 года ў 13:30 ад набярэжнай р.Свіслач паблізу мемарыяла “Востраў слёз”. Прыкладны час ад’езду ў Мінск – 20:30.
Цімкавічы – вёска ў Беларусі, на рацэ Мажы. Знаходзіцца за 11 км на паўднёвы захад ад Капыля, за 136 км ад Менска. Першы пісьмовы ўпамін пра Цімкавічы змяшчаецца ў грамаце вялікага князя Аляксандра і датуецца 1499 годам. У Цімкавічах з 1908 году гадаваўся беларускі празаік Кузьма Чорны. Цяпер тут дзейнічае Літаратурны музей Кузьмы Чорнага (вул.Слуцкая, 60) – філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.