Мортал Комбат в городе Минск
Чэмпіён свету і вядомыя акцёры ўжывую агучаць знакаміты фільм Mortal Kombat па-беларуску
У кінатэатры «Масква» 8 жніўня адбудзецца прэм’ера фільма «Мортал Комбат» на беларускай мове. Яе адметнасцю стане «жывая агучка» кінахіта 90-х з удзелам вядомых беларусаў. Такі фармат упершыню будзе рэалізаваны праектам «Беларускія ўікэнды». Агучка і пракат карціны здзейснены кампаніяй «Кінаконг» і партнёрам праекта – velcom | A1. Дадатковы паказ пройдзе 10 жніўня.
Незвычайны кінасеанс пачнецца 8 жніўня ў 19:00. Свае рэплікі «ужывую» са сцэны кіназалы будуць прамаўляць акцёры агучкі «Кінаконга»: Павел Харланчук, Сяргей Жбанкоў, Алег Гарбуз, Крысціна Дробыш. Галоўнага героя фільма – Лю Кана – агучыць вядомы спартсмен і першы двухкратны чэмпіён свету па версіі Kunlun Fight Віталь Гуркоў, а загадкавую прынцэсу Кітану — знакамітая беларуская гімнастка Меліціна Станюта.
Паказ у «Маскве» 10 жніўня адбудзеецца з дубляжом у запісе. Пачнецца ён а 17:00.
Відэагульня Mortal Kombat выйшла ў 1992 годзе і адразу ж стала настолькі папулярнай, што атрымала працяг у самых розных відах, сярод якіх – знакаміты фантастычны баявік Пола У. С. Андэрсана, выпушчаны ў 1995 годзе. Фанаты гульні прабіваліся ў кінатэатры і пункты кінапракату, каб паглядзець на вялікім экране, як былы шааліньскі манах Лю Кан (Робін Шоу), галівудская зорка Джоні Кейдж (Ліндэн Эшбі) і агент спецназа Соня Блэйд (Брыджыт Уілсан), бог грома Рэйдан (Крыстафер Ламберт) рызыкуюць сваім жыццём дзеля перамогі ў Смяротнай Бітве за Зямлю супраць чараўніка Шан Цзуна (Кэры Хіраюкі Тагава).
Адзін са стваральнікаў гульні – Эд Бун – прыняў удзел у напісанні сцэнарыя фільма, а таксама агучыў у ім ролю Скарпіёна. Нягледзячы на тое, што баевіку ўжо больш як 20 гадоў, цікавасць да яго не згасае, а Mortal Kombat і да гэтай пары застаецца адной з самых паспяховых і ўплывовых франшыз у гісторыі відэагульняў. На 2021 год намечаны выхад новай кінаверсіі.
У рамках праекта «Беларускія ўікэнды», які рэалізуе кампанія «Кінаконг» пры падтрымцы velcom | A1, вядомыя прадстаўнікі тэатра і кіно Беларусі ўдзельнічаюць у перакладзе і агучцы на беларускую мову разнапланавых замежных фільмаў, якія пасля дэманструюцца ў шырокім пракаце. Сярод іх – «Хронікі Нарніі: леў, вядзьмарка і гардэроб», «Маленькі прынц», «Форэст Гамп», «Шторм», «Кніга Ілая», «Таямніца Келза», «Таемнае жыццё Уолтэра Міці», «Рыбка Поньё», «Падымаецца вецер», «Мой сябар жырафа», легендарная стужка «Вогненыя калясніцы», якая атрымала чатыры статуэткі «Оскар», першая мультыплікацыя Уэса Андэрсана «Неверагодны містар Фокс», а таксама класіка каляднага кіно – фільмы «Моцны арэшак», «Гэта цудоўнае жыццё» і «Адзін дома».
Падрабязная інфармацыя аб праекце «Беларускія ўікэнды» і яго іншых паказах – на сайтах kinakong.by і velcom.by.